св. Тэрэза

Святая Тэрэза ад Езуса

Тэрэза нарадзілася 28 сакавіка 1515 г. у Авіле (Іспанія). Пасля смерці маці яна выхоўвалася ў сясцёр аўгустынак і пад уплывам «Лістоў» св. Гераніма ва ўзросце 20 гадоў сама ўступіла ў кармэліцкі кляштар у Авіле. Пасля складання манаскіх шлюбаў Тэрэза цяжка захварэла і нават была часткова паралізаваная. У той жа час у яе з’яўляюцца містычныя бачанні. Дзякуючы гэтым незвычайным духоўным перажыванням Тэрэза ад Езуса вырашыла імкнуцца да абсалютнай дасканаласці.
Паколькі нават жыццё ў яе кляштары здавалася ёй недастаткова аскетычным, у 1562 г. святая заснавала ў Авіле першы рэфармаваны кармэліцкі кляштар, у якім значна больш увагі прысвячалася малітве, самотнасці, суровай аскезе. Праз шэсць гадоў заахвочаны яе прыкладам святы Ян ад Крыжа рэфармаваў мужчынскую галіну ордэна, даючы пачатак босым кармэлітам. За сваю рэфарматарскую дзейнасць святая Тэрэза ўвесь час цярпела ад нападаў і крытыкі нядобразычліўцаў.

Знясіленая нястомнаю працаю, а таксама вялікімі фізічнымі і духоўнымі пакутамі, Тэрэза памерла 4 кастрычніка 1582 г. Свой містычны вопыт яна перадала ў кнігах, якія з’яўляюцца неацэнным духоўным скарбам для ўсяго Касцёла; найбольш вядомая з іх — «Унутраны замак». Тэрэза ад Езуса, вядомая таксама як Тэрэза Вялікая або Авільская, — гэта адна з самых вялікіх святых жанчын Касцёла. Яна з’яўляецца апякункай Іспаніі, і яе заступніцтва просяць пры душэўных пакутах, а таксама ад болю сэрца і галавы.

Успамін: 15 кастрычніка